РАСЦІСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; паміж 1100 і 1110—14.3.1167),

князь смаленскі [1125—59], вял. князь кіеўскі [1154, 1159—67]; заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў. Сын. вял. кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1125 атрымаў ад бацькі ва ўдзел Смаленск, што дало пачатак існаванню Смаленскага княства, якое ў гады княжання Р.М. дасягнула свайго росквіту і ахапіла тэр. Верхняга Падняпроўя (з г. Орша, Копысь, Лучын, Мсціслаў, валасцямі Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой, Крэчут і інш. на тэр. сучаснай Беларусі) і Верхняга Паволжа. У выніку паходаў 1127 і 1142 Р.М. значна пашырыў свае ўладанні за кошт радзімічаў. Ім пабудаваны г. Мсціслаў, Рослаў і Ізяслаў, названыя ў гонар бацькі, сябе і брата. Удзельнічаў у паходах на Полацкую зямлю ў 1127 і Тураўскую зямлю ў 1146. У 1158 дапамог полацкаму кн. Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі прастол і падтрымліваў яго пазней. У 1162 прызнаў самастойнасць Тураўскага княства. Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень памяці Р М. 14(27) сакавіка.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)